ДАКУМЕНТЫ ЗАНАЛЬНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА АРХІВА Ў г. МАЛАДЗЕЧНА ЯК КРЫНІЦЫ ПА ГІСТОРЫІ ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАГА РЭГІЁНУ Ў 1918–1939 гг.
Abstract
У артыкуле аўтар падводзіць вынікі архіва- і крыніцазнаўчага даследавання, выкананага ў межах сумеснага польска-беларускага праекта «Польшча – Беларусь. Агульная гістарычная спадчына». Аб’ектам вывучэння сталі дакументальныя зборы 1918–1939 гг. Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Маладзечна. Яны ўключаюць матэрыялы пра Браслаўскі, Вілейскі, Віленска-Трокскі, Дзісенскі, Дунілавіцкі, Маладзечанскі, Ашмянскі, Пастаўскі, Свянцянскі паветы Віленскага ваяводства і Валожынскі павет Навагрудскага ваяводства ў складзе Польшчы паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі. Праведзены аналіз наяўных фондаў, вопісаў фондаў, ступені захаванасці змешчаных у іх спраў, дадзена праблемнатэматычная характарыстыка архіўных матэрыялаў і вызначаны перспектывы іх выкарыстання.